Новы праект, арганізатарамі якога выступілі ТАА «Берын арт менеджмент», Міністэрства культуры і Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж» пры падтрымцы Мінскага аблвыканкама, ставіць мэтай адрадзіць старадаўнюю традыцыю беларускіх баляў, паведамляе
У дзействе возьмуць удзел больш як 170 артыстаў, а таксама 15 творчых калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і Ірландыі. Сярод іх — сімфанічны аркестр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, фальклорна-этнаграфічны калектыў «Неруш», сярэднявечны вулічны тэатр «Дэгрыза», ансамбль «Тутэйшая шляхта», студыя гістарычнага танца «Версаль», квартэт «Асторыя», Нясвіжскі тэатр імя Уршулі Радзівіл, нямецкі кавер-гурт Sculer Cover Band.
Як паведаміў прадзюсер Максім Берын, сярод ганаровых гасцей балю — народныя артысты Беларусі Аляксандр Яфрэмаў, Вольга Гайко і Віктар Манаеў, народныя артысты Расіі Станіслаў Гаварухін і Дзмітрый Харацьян, заслужаная артыстка Расіі Анастасія Валачкова, якая прыедзе ў Нясвіж са сваім балетам.
Сустракаць гасцей балю разам з вядучымі Алінай Краўцовай (Беларусь) і Маратам Башаравым (Расія) будуць пераможцы конкурсаў «Міс Беларусь-2008» Вольга Хіжынкова і «Міс свету-2003» актрыса Разана Дэвідсан, дачка папулярнага спевака Крыса дэ Бурга.
Паводле слоў Берына, ноччу адбудзецца дабрачынны аўкцыён па зборы сродкаў на аднаўленне помніка гісторыка-культурнай спадчыны XVI стагоддзя Навагрудскага замка.
Намеснік дырэктара музея-запаведніка «Нясвіж» Наталля Жарко паведаміла, што баль будзе праходзіць ва ўсіх залах палаца.
Вольга Хіжынкова падзялілася, што ёй баль бачыцца таямнічым, сакральным вандраваннем у часе, у выніку якога «адродзіцца гістарычны помнік, у якім пісаўся летапіс нашай дзяржавы».
Першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі запэўніў, што кошт білетаў на баль будзе «прымальным пры цяперашніх зарплатах». У той жа час ён заўважыў, што «гэта баль, на які трэба патраціцца і падрыхтавацца да яго сур'ёзна — туды ў джынсах і красоўках не прыйдзеш».