Веламаршрут «Мелавыя горы» будзе створаны ў ваколіцах Гродна за кошт міжнароднай тэхнічнай дапамогі па праграме Латвія–Літва–Беларусь да канца 2014 года.
Ён прадугледжвае развіццё велаінфраструктуры ў памежных беларускіх і літоўскіх гарадах Гродне, Ашмянах, Бірштонасе і Алітусе.
Асноўную колькасць сродкаў – каля 425 тысяч еўра выкарыстаюць літоўскія партнёры. Беларускі бок павінен засвоіць 279,6 тысячы еўра.
Рэалізацыяй беларускай часткі праекта займаецца ўпраўленне фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, Ашмянскі райвыканкам і абласное аддзяленне ГА «Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз».
Як распавёў «
Сам маршрут па маляўнічых ваколіцах Гродна ўжо распрацаваны, цяпер неабходна выканаць яго на мясцовасці.
Грунтовая веладарожка пачнецца ў раёне вуліцы Фестывальнай, пройдзе па правым беразе Нёмана, абміне форт № 13, азёры Сінька і Зялёнка і ўздоўж Мелавых гор вернецца на вуліцу Фестывальную.
Уздоўж маршрута павінны з’явіцца альтанкі, месцы, дзе можна будзе распаліць вогнішча, лесвіцы – 12 так званых малаабсталяваных месцаў для адпачынку.
У Ашмянах у межах гэтага ж праекта пабудуюць веладарожку з пакрыццём.
Праект «Развіццё веласіпеднага турызму і турысцка-інфармацыйнай сістэмы ў памежным рэгіёне Літвы і Беларусі» падтрыманы яшчэ ў лістападзе 2011 года, але з-за абсурдна забюракратызаванай беларускім бокам працэдуры нацыянальнага ўхвалення, рэалізацыя яго да гэтай пары не пачыналася.
На разгляд і ўхваленне ўжо падтрыманага праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі беларускаму боку спатрэбілася 18 месяцаў – палова тэрміну, адведзенага на рэалізацыю праекта. Нарэшце 29 студзеня 2013 года Савет міністраў даў згоду. Наперадзе – падпісанне праект-кантракта літоўскім партнёрам, мэрыяй Бірштонаса.
Потым яшчэ 45 сутак адводзіцца на атрыманне першай часткі сродкаў, і толькі пасля гэтага пачнецца праца па праекце.
Паводле ўмоў праграмы, выдзяленне сродкаў скончыцца да снежня 2014 года, таму рэалізатарам праекта ў любым выпадку давядзецца ўкласціся ў гэты тэрмін.
Кася Крот