4 чэрвеня Еўрапейская камісія дала дабро на ўступленне Латвіі ў еўразону з наступнага года. У дакладзе арганізацыі адзначаецца, што на дадзены момант краіна выконвае ўсе неабходныя ўмовы для ўвядзення адзінай еўрапейскай валюты, паведамляе .
«Адзначаецца, што да крызісу па прычыне непрадуманай эканамічнай палітыкі мы страцілі канкурэнтаздольнасць. Але цяпер мы ўжо ўзнавілі канкурэнтаздольнасць, але мусім сачыць за яе фактарамі», — каментуе сітуацыю прэм’ер-міністр Латвіі Валдзіс Дамброўскіс.
Аднак не ўсе глядзяць на ўвядзенне еўра аптымістычна. Эканаміст і бізнесмен Яніс Ошлейс лічыць, што Латвіі было б выгадней пакінуць лат, бо карысць ад знаходжання ў еўразоне атрымліваюць толькі краіны з моцнай эканомікай. Іншыя ж пасля ўвядзення еўра сутыкаюцца з праблемамі.
Яніс Ошлейс: «Увогуле мы бачым, у ЕС пасля ўвядзення еўра ў першыя месяцы кошты вырастаюць не моцна. Але ў больш доўгай перспектыве кошты выраўноўваюцца па ўсёй Еўропе. Мы бачым, што цягам 4-5 гадоў кошты вырастуць на 20–30%».
Не мае ілюзій наконт агульнаеўрапейскай валюты і большасць латышоў: увядзенне новай валюты падтрымлівае толькі 36% жыхароў краіны, а значная большасць — 62% — выступае супраць. Нядаўна нават пачаўся збор подпісаў на правядзенне рэферэндуму аб захаванні лата.
«Большасць латвійскага народа супраць увядзення еўра — гэта факт. У канстытуцыі пазначана, што ўся ўлада належыць народу. Дзеянні дэпутатаў супраць народа недапушчальныя і незаконныя», — адзначае аўтар ініцыятывы Гіртс Мазурыс.
Па словах эканаміста Яніса Ошлейса, пасля ўступлення ў еўразону Латвію чакае рост коштаў: яны будуць набліжацца да коштаў іншых краін еўразоны, а банкі ўключацца ў агульную еўрапейскую сістэму крэдытавання. А вось заробкі будуць павышацца вельмі павольна. На думку Ошлейса, з-за падаражання тавараў на радзіме латышы пачнуць часцей ездзіць па танныя прадукты ў Беларусь. Асабліва гэта тычыцца тых латышоў, якія могуць ездзіць у нашу краіну без віз у межах малога памежнага руху.
Яніс Ошлейс: «Мы бачым, што эстонцы цяпер шмат прыязджаюць у Латвію, каб набываць прадукты. Тое ж самае будзе і з латышамі ў Беларусі».
Дарэчы, малы памежны рух ужо цяпер карыстаецца значна большай папулярнасцю ў жыхароў Латвіі, чым у беларусаў. Летась жыхары суседняй краіны атрымалі ад нашай краіны 9,5 тысячы дазволаў на бязвізавы ўезд. Гэта ў 6 разоў больш за колькасць беларусаў, жадаючых ездзіць без візы ў Латвію.
Зміцер Кустоўскі