З 7 па 9 чэрвеня пад Бабруйскам прайшоў міжнародны фестываль экстрэмальных відаў спорту «Воўчыя сцежкі. Спабор». Адбыўся канцэрт з удзелам гуртоў з Беларусі «Нейра Дзюбель», «Крама», «Дай дарогу!», Re1ikt, Akute, Steve Cramer Band, з Украіны – «Вперше чую», з Расіі – «Декабрь», Salvador. Выступілі таксама гурты з самога Бабруйска: Skynet, ZKM і Rio Grande (RU.ST), паведамляе ».
У перапынках паміж выступленнямі адбываліся забаўляльныя конкурсы і розыгрышы. Вядучым фестывалю быў Макс Кіпер, вядомы па сусветным шоу «Аўта экзотыка». Гасцям і ўдзельнікам фестывалю прадставілася рэдкая магчымасць убачыць і азнаёміцца з унікальным аўтамабілем мотаклуба «Начныя ваўкі» Mad Max. Машына ўнікальная сваімі застрашальнымі памерамі, «галавой» ваўка і велізарным прычэпам-бочкай, які перасоўваецца сваім ходам, потым бочка раскрываецца і з'яўляецца сцэна – гэткі трансформер.
Акрамя гэтага, можна было ўбачыць мотаконкурсы, сілавое шоў, армрэстлінг, валейбол, пейнтбол, паказальныя выступленні парашутыстаў Бабруйскага аэраклуба, выезд арганізаванай аўтамотакалоны, паказальныя выступленні стантрайдэраў і выхаванцаў цэнтраў тэхнічнай творчасці навучэнцаў Рэспублікі Беларусь на картынгах, матацыклах, фрыстайл мотакрос-акрабатычныя трукі ў паветры, калі матацыкліст выскоквае са спецыяльнага трампліна на вышыню 13–15 метраў, пралятае 20–22 метраў і робіць у паветры розныя сальта.
Гэта сапраўды вышэйшы пілатаж у матацыклетным спорце! Як адзначыў кіраўнік гарадскога мотаклуба «Начныя ваўкі» Арман Жанайдараў, на сённяшні дзень «Воўчыя сцежкі» ўжо абышліся прыкладна ў 80 тысяч долараў. Гэта камерцыйнае мерапрыемства, але той кошт, які вызначаны за білет, – 100 тысяч рублёў, усё роўна невымерны з рэальнымі выдаткамі. Бабруйчане і госці горада паглядзелі якаснае шоў жыўцом, нацешыліся і зарадзіліся станоўчай энергіяй.
Фота Аляксандра Чугуева