На сцяне — вялізнае палатно, на якім намаляваны натоўп людзей. Яны гамоняць паміж сабой, спрачаюцца, размаўляюць, маўчаць, рухаюцца кудысьці… Гэта невядомыя маса, краіна, але пакрысе шэрая (чужая) прастора і яе насельнікі пачынаюць набываць колеры ды аб’ём. Яны становяцца “бачнымі”, зразумелымі, трошкі блізкімі… “Фабулы” — так называецца карціна, якую можна лічыць галоўнай на выстаўцы каталонскага мастака Давіда Калаў Жэнэ. “Фабулы” — вось што мы бачым у жывапісным люстэрку Давіда пра сябе і сваю краіну ў экспазіцыі, якая працавала ў Гарадской мастацкай галерэі Шчамялёва, паведамляе "
Стыхія Мінска
Можна сказаць, што Мінск стаў своеасаблівай стыхіяй для самапазнання мастака. Ён акунуўся ў яе, як толькі выйшаў з аэрапорта. “Я ўбачыў вельмі герметычную краіну”, — узнаўляе ён свае першыя ўражанні ад Беларусі і — зноў апісвае той самы “безыменны натоўп”, які ён спачатку намаляваў на палатне. Не хочацца быць прадказальнай, але так, паступова, мінчане, беларусы пачалі адкрывацца Давіду, і ён убачыў людзей з адметным характарам (і, адпаведна, пэўнымі колеравымі спалучэннямі), людзей, што здолелі паўплываць на ягоную свядомасць, людзей, якія жывуць у палоне радасці і болю.
Няхай экспрэсіўная манера мастака не падманвае гледача: перад намі — не фармальныя абстракцыі, а цалкам канкрэтныя выявы — людзей, персанажаў, абліччаў, якія Давід абраў для мастацкага пераўтварэння. Напрыклад, Бабуля, што прадае цюльпаны, — у экспазіцыі гэтая работа (і шматлікія іншыя) прадстаўлена ў выглядзе інсталяцыі: жывапіснае палатно з выявай старой жанчыны дапаўняюць слоікі з жоўтымі кветкамі, што стаяць побач на падлозе. Маці Божая: гэта лікі праваслаўных ікон, сабраных у адну выяву; ля жывапіснага палатна-іконы гараць свечкі, ствараючы своеасаблівае сакральнае месца. Гэта і двайны патртэт Незнаёмца: за першай карцінай, на якой выяўлены твар-маска чалавека, знаходзіцца другая, што сімвалізуе “сапраўдны” (але ці сапраўдны ён?) стан героя. Гэта і Дзяўчына, якая плача: ейныя слёзы — у выглядзе белых вяровачак, прывязаных да работы, — “цякуць” проста на падлогу… Мы знаходзімся ў цэнтры своеасаблівага горада, дзе насустрач нам ідуць вядомыя персанажы, і ў кожнага з іх — свае турботы, радасці, смутак...
Давід, нібыта прабіваючыся праз уласныя “палярныя” перажыванні, бачыць і святло, і, адначасова, боль у тварах мінчан. З аднаго боку, ягоны позірк спыняецца на чымсьці экзатычным для яго культуры, з іншага — ён, нібыта праколваючы гэтую “экзатычную паверхню”, бачыць за ёй штосьці блізкае і дарагое яму. Яскравыя колеры, імпульсіўная манера няхай не ўводзяць публіку ў зман, прапануючы для трактоўкі творчасці Давіда пракладзены шлях “гарачага” каталонскага жывапісу: у выпадку выстаўкі “Фабулы” — гэта споведзь і пошук, гэта — спачуванне, гэта — энергія, што выпраменьваецца і праламляецца, шукаючы свайго адрасата.
Прынцыпова беларускія
У шматлікіх інтэрв’ю Давід Калаў Жэнэ казаў пра выкарыстанне прынцыпова беларускіх матэрыялаў для стварэння работ: фарбаў, лёну, на якім ён пісаў свае карціны, цэлафанавай плёнкі. Але мне падаецца, што гэтыя дэталі — усё адно дапасаванне да галоўнага: да стварэння аблічча горада, яго духу, які ён увабраў праз уласныя мастакоўскія поры.
Што яшчэ можна дадаць? Лічу, значнай перашкодай для ўспрыняцця работ каталонскага творцы з’яўляецца адсутнасць прасторы, якая неабходна для падобнага жывапісу. Палотны Давіда насычаны энергетыкай, колерамі, і для іх разгляду важна пэўная дыстанцыя. Хочацца спадзявацца, што новыя пляцоўкі, на якіх далей будзе экспанавацца выстаўка (вядома, што “Фабулы” плануецца павезці ў Гомель, а потым і ў Кіеў), выправяць гэты недахоп.
Давід Калаў Жэнэ — пра “Фабулы”: "Я пісаў гэты твор тры месяцы. Пачаў адразу як прыехаў у Мінск — у сакавіку, а скончыў — толькі ў маі, напярэдадні выстаўкі. Гэта карціна пра тое, што анёл падае ад болю, але потым падымаецца на ногі. У ёй — гісторыя кожнага гараджаніна, якога я сустрэў тут: ад мастакоў да цалкам незнаёмых людзей. Так, карціна пачыналася з шэрых тонаў, але паступова я атрымліваў натхненне ад людзей, і яна стала каляровай…"
Натуральна, што, працуючы над сабой, Давід, між іншым, праз свой “позірк Іншага” паказаў і нам тыя нечаканыя сполахі колеру на шэрым невыразным фоне будняў.
Тэатр аднаго Мастака
У экспазіцыі “Фабулы” ёсць скульптура: чалавек, створаны з, лічы, сярэбранай сеткі, вакол якога рассыпаны “ўлоў” з фатаграфій, — так убачыў Давід свайго калегу, фотамастака Данііла Парнюка, які цягам трох месяцаў прабывання ў Мінску каталонскага аўтара, дакументаваў на фотаплёнку яго творчае жыццё.
Гаворка ідзе пра працу ў майстэрні, дзе Давід літаральна стварае рытуал напісання жывапісных твораў. Данііл, апісваючы гэты працэс, выкарыстоўвае слова “тэатр”. “Я бачыў яго як своеасаблівую марыянетку, інструмент, праз які праходзяць абліччы на палотны, — кажа вядомы фатограф. — Давід — як провад, па якім цячэ ток высокага напружання”.
Гэты пластычны або нават сакральны танец творчасці Данііл і захаваў у фатаграфіях у выглядзе чорна-белай серыі. Тут мы можам убачыць мастака ў момант роздуму, прыгожым парыве, у маўчанні, можам прасачыць, як узнікаюць, праступаюць лікі на тых самых ільняных палотнах. Гэты сапраўды тэатр, але — той, які звычайна знаходзіцца “за кулісамі”, пра які часам мы толькі здагадваемся.
Данііл, ветліва саступаючы на выстаўцы першае месца Давіду, стварае адмысловы міф вакол каталонскага аўтара. У той жа час, фатограф знаходзіць у самааданым рытуале Давіда пагалосак творчых пакут усіх мастакоў — без прыналежнасці да пэўнай нацыі, плыняў ды відаў мастацтва. Гэтым і цікавая серыя, што ў ёй магчыма ўбачыць, улавіць, адчуць таямніцу творчасці кожнага Мастака на прыкладзе працы канкрэтнага творцы, не прымяншаючы яго адметнасці ды ўнікальнасці.
— Безумоўна, Давід — гэта той мастак, які на кожнага робіць рознае ўражанне, — дзеліцца вопытам супрацоўніцтва Данііл. — Але тое, што ён незвычайны — не падлягае сумневу. Ягоную адметнасць апісаць цяжка, але ён можа змяняць прастору магічным чынам. Змяняецца ўсё: атмасфера, настрой, час, — бо ён прыўносіць нешта такое, да чаго нельга дакрануцца, але гэта выклікае надзвычай прыемныя эмоцыі. У яго няма добрага ці дрэннага — у ім усё ўзаемадзейнічае, ён усё прымае і злучае…
Пабачыць фотадакументацыю Данііла Парнюка сёння магчыма на выстаўцы “Фабулы”, але спадзяёмся, што праект беларускага аўтара атрымае далейшае, асобнае, творчае жыццё.
На здымках: адна з работ Давіда, напісаная ў Мінску; судакрананне каталонца з беларускай прыродай; Давід прыняў удзел у суботніку, расфарбаваўшы сцяну ў сталічным дзіцячым садку.
Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
Фота Данііла ПАРНЮКА