Ад 2010 года Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры сумесна з прадстаўнікамі сям’і вядомага беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, Глушанскім пасялковым саветам і мясцовымі актывістамі вядзе работу па заснаванні ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёну музея «Вайна пад стрэхамі». Тут у будынку былой аптэкі на пачатку вайны пачыналася работа Алеся Адамовіча ў антынацысцкім падполлі, паведамляе
Праўда, толькі сёлета супольная ініцыятыва знайшла падтрымку на ўзроўні Магілёўскага аблвыканкаму і Бабруйскага райвыканкаму. У траўні адбылася рабочая нарада з удзелам зацікаўленых бакоў пад старшынствам кіраўніка раённай вертыкалі Міхаіла Шалкоўскага, на якой былі вызначаны асноўныя кірункі супрацоўніцтва.
Спэцыялісты архітэктурнай секцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры выканалі агульнае абследаванне тэхнічнага стану будынка і яго архітэктурна-археалагічныя абмеры. 14 жніўня старшыня таварыства Антон Астаповіч перадаў матэрыялы Міхаілу Шалкоўскаму і начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Галіне Чарновай.
Аптэка ў вёсцы Глуша, дзе пісьменнік Алесь Адамовіч удзельнічаў у антыфашысцкім падполлі
Па выніках рабочай сустрэчы былі акрэслены далейшыя этапы. У прыватнасці, грамадскаму аб’яднанню даручана распрацоўка эскізнага праекту рэканструкцыі і музеефікацыі будынка былой аптэкі ў Глушы. Да гэтай работы спэцыялісты таварыства мяркуюць прыступіць ужо ў верасні, па завяршэнні сезону адпачынкаў.
Паводле слоў Антона Астаповіча, стварэнне музея Алеся Адамовіча «Вайна пад стрэхамі» — выдатны ўзор рэалізацыі прынцыпаў дзяржаўна-грамадскага партнёрства ў сфэры культуры. Не так шмат прыкладаў, калі валанцёрскія намаганні грамадскасці маюць падтрымку з боку органаў мясцовай улады.