У Чарнаградзi.
Апоўдні ў нядзелю ўдзельніцы ансамбля народнай песні «Скарбніца» звонкімі галасамі прывіталі аднавяскоўцаў, якіх багата сабралася на пляцоўцы перад сельскім Домам культуры.

Масленіца поўнілася музыкай, смехам, гульнямі і забавамі. Хлопцы навыперадкі вазілі дзяўчат на санках.

Мужчыны на пару з жанчынамі (зноў жа – хто хутчэй) скакалі на веніках.

Мясцовыя асілкі цягалі гіру…

Смак духмяных бліноў і гарачай юшкі, якімі частавалі тут кожнага, дружны карагод вакол спаленага саламянага пудзіла Зімы – усё гэта застанецца для вяскоўцаў добрым успамінам пра цудоўнае свята, галоўным арганізатарам якога выступіла мастацкі кіраўнік Чарнаградскага СДК Алена Пракаповіч.


Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара
У Чэрвені.

Духмяныя бліны і вясёлыя конкурсы, карагоды дзяўчат і кірмаш са шматлікімі прысмакамі, пах шашлыкоў і натоўп вясёлых людзей на плошчы і, канешне ж, высокі слуп з пакупкамі-падарункамі, на які спрабавалі ўзабрацца самыя лоўкія і моцныя хлопцы…

Так распачалося ў суботу ў Чэрвені свята “Гуканне вясны”. Нават пахмурнае надвор’е не магло ў гэты дзень сапсаваць цудоўны настрой усіх, хто завітаў на плошчу. Удзельнікі свята атрымлівалі асалоду не толькі ад набытых прысмакаў, якіх на кірмашы ў дастатковай колькасці забяспечыла раённае спажывецкае таварыства, але і ад забаўляльнай і канцэртнай праграмы, наладжанай работнікамі раённага Цэнтра культуры і адпачынку.

Л. Цiтаўка. Фота аўтара
Источник: "Раённы веснiк"