Ўзгоднены ўсе дэталі ўзвядзення «Мінскага замчышча»
Праходзіць экспертызу праект будаўніцтва комплексу, які размесціцца ўздоўж Свіслачы ад станцыі метро “Няміга” да фантана перад Палацам спорту і будзе ўключаць музейную экспазіцыю з арыгінальнымі археалагічнымі артэфактамі, знойдзенымі айчыннымі гісторыкамі.
Сёння ж на парадку дня ў стваральнікаў "Мінскага замчышча", па словах Сяргея Багласава, - распрацоўка тэматычных планаў будучых экспазіцый, а таксама непасрэдны пошук саміх музейных прадметаў. Да таго ж, сёлета прадоўжацца і археалагічныя раскопкі ў цэнтры беларускай сталіцы, якія, як спадзяюцца айчынныя навукоўцы, змогуць праліць святло на таямніцы гісторыі старажытнага Мінска.
Як ужо паведамляла "Культура", на месцы будынка "Працоўныя рэзервы" запланавана стварыць - у натуральную велічыню - макет фрагмента горада XII стагоддзя, з уязной брамай, абарончымі валамі, храмам і нават тагачаснымі вуліцамі.