Як паведамляе «Народная газета»:
Сем аб’ектаў, што занялі першыя радкі ў галасаванні чытачоў, нездарма апынуліся на гэтых ганаровых месцах. Калі казаць пра кожны з цудаў, немагчыма не ўжыць словы «ўнікальны», «самы», «адзіны».
Белавежская пушча — самы вялікі па плошчы кавалак рэліктавага першабытнага раўніннага лесу, які, згодна з даследаваннямі сучасных навукоўцаў, знаходзіўся ў дагістарычныя часы на тэрыторыі Еўропы. Сярэдні ўзрост лясоў Белавежскай пушчы складае больш за 100 гадоў, асобныя кавалкі лесу маюць узрост 250—350 гадоў. Белавежская пушча па ліку відаў раслін і жывёл не мае сабе роўных у Еўропе.
Брэсцкая крэпасць — на тэрыторыі крэпасці ў межах горада Брэста ў Беларусі адбыўся самы вядомы эпізод пачатку Вялікай Айчыннай вайны 1941—1945 гг. — подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці.
Нарач — самае вялікае і прыгожае возера ў Беларусі. З упэўненасцю можна казаць пра тое, што Нарач займае першае месца сярод азёр Беларусі па празрыстасці і чысціні вады.
Мірскі замак — гэта ўнікальны аб’ект, які мае найбольшую захаванасць у параўнанні з іншымі замкамі краіны. Замак-прыгажун — феномен захавання лепшых дасягненняў беларускага дойлідства. Нездарма ў 2000 годзе ён быў уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Можна сказаць, што, гледзячы на замак, вы бачыце саму гісторыю.
Сафійскі сабор, пабудаваны на высокім беразе Заходняй Дзвіны ў сярэдзіне ХІ стагоддзя, з’яўляецца адным з самых ранніх храмаў Старажытнай Русі.
Бернардзінскі касцёл у Будславе — адзін з унікальных культавых комплексаў краіны. У касцёле захоўваецца напісаны ў 1598 годзе абраз, падараваны Папам Рымскім Кліментам XVIII. У капліцы св. Варвары, узведзенай пры будаўніцтве храма ў 1643 годзе, захаваўся ўнікальны драўляны алтар. Улічваючы гісторыю і ролю храма ў жыцці беларускіх каталікоў, Папа Рымскі Іаан Павел II у 1994 годзе прысвоіў касцёлу ў Будславе тытул «базіліка малая».
Бабруйская крэпасць доўгі час пасля свайго з’яўлення лічылася адной з самых моцных і непрыступных крэпасцей Расійскай імперыі, яна стаяла ў шэрагу першакласных ваенных умацаванняў краіны. Крэпасць з’явілася на развалінах старажытнага замка ў перыяд паміж 1807—1836 гг.