Як паведамляе :
19 кастрычніка 2011 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі  Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка аб’яднання «Традыцыя» пад назвай «Мінск –  горад майго юнацтва».
Тэматыка выстаўкі прысвечана нашай  сталіцы. Экспазіцыя стане своеасаблівай прадмовай мерапрыемстваў,  прысвечаных 945-годдзю Мінска, якое наш горад адзначыць у наступным  годдзе. Час бяжыць – Мінск дынамічна мяняе свой выгляд. У памяці  застаецца яго вобраз, які нараджае лёгкае пачуццё настальгіі. Мэта  выстаўкі – на прадстаўленых палотнах зафіксаваць метамарфозы, што  адбываюцца з тварам Мінска, а таксама выказаць павагу і трапяткія  адносіны да горада юнацтва старэйшага і маладога пакалення.
На выстаўцы будзе прадстаўлены жывапіс вядомых майстроў беларускага мастацтва: народных мастакоў М. Данцыга, Г. Паплаўскага, заслужаных дзеячаў мастацтваў Л. Дударэнкі, М. Апіёка, Ул. Уродніча і многіх іншых.
Мастакі аб’яднання «Традыцыя» ў сваёй творчасці прытрымліваюцца рэалістычнай манеры. За аснову свайго развіцця яны ўзялі наступныя прынцыпы: мастацкая праўда, рэалістычны метад адлюстравання, сцвярджэнне дабрыні , выяўленне лепшых чалавечых якасцей беларусаў. Творцы з павагай адносяцца да традыцыйнага пласту жывапісу і іншых плыняў мастацтва. У групе ў асноўным сабраліся аднадумцы, якія дзейнічаюць у межах задач, пастаўленых Беларускім саюзам мастакоў. Яны – не замкнёнае кола. Да іх ініцыятывы могуць далучыцца ўсе, для каго найперш важнымі з’яўляюцца рэалістычнае мастацтва і грамадзянская пазіцыя.
 
                        
 
																		
									 
																		
									 
																		
									 
																		
									 
																		
									 
																		
									 
																		
									 
																		
									 
                 
                 
                 
                