За кароткія 25 гадоў жыцця класік беларускай літаратуры паспеў не толькі пакінуць багатую творчую спадчыну, стаць адным са стваральнікаў літаратурнай беларускай мовы, праславіцца далёка за межамі сваёй радзімы, але пажыць і ў Беларусі, і ў Расіі і ва Украіне. І кожны з гарадоў, дзе праходзіла жыццё паэта, захоўвае добрую памяць аб ім.
Мінск
9 снежня 1891 года ў цяперашняй сталіцы Беларусі нарадзіўся Максім Багдановіч. Але ўжо праз некаторы час сям’я будучага паэта пераехала ў Гродна.
Зноў вярнуцца ў Мінск атрымалася ў Багдановіча толькі ў кастрычніку 1916 года. Ён працаваў тут у губернскім харчовым камітэце – дапамагаў ахвярам вайны. Гэта была цяжкая і самаадданая праца, якая падарвала і без таго слабое здароўе паэта. Тым не менш Багдановіч не пераставаў пісаць. Каб палепшыць яго фізічны стан, сябры сабралі неабходныя грошы і адправілі паэта лячыцца ў Крым, адкуль ён ужо не вярнуўся.
Хаця Максім Багдановіч пражыў у Мінску зусім нядоўга, многае ў горадзе напамінае аб ім. Былая вуліца Александраўская, дзе раней жыла сям’я Багдановічаў, была пераназваная ў гонар паэта. Перад Тэатрам оперы і балета на плошчы Парыжскай Камуны класіку ўсталяваны помнік. А побач з домам паэта, які, на жаль, не захаваўся да нашых дзён, 30 гадоў таму быў створаны Літаратурны музей Максіма Багдановіча.
Адной з падзей, прымеркаваных да 120-годдзя беларускага класіка, стаў капітальны рамонт гэтага музея. Па словах яго супрацоўнікаў, праца зараз – у самым разгары. У хуткім часе тут усталююць новыя шыбы, заменяць фасад, у абноўленым музеі з'явіцца сістэма кандыцыянавання і вентыляцыі, створаць спецыяльны пад'ёмнік для інвалідаў. Рамонтныя работы плануецца скончыць у 2012 годзе.
Гродна
Праз восем месяцаў пасля нараджэння паэта бацька атрымаў новую працу ў Сялянскім пазямельным банку, і сям’я пераехала ў адзін з найстаражытных гарадоў Беларусі. Багдановічы пасяліліся на ўскраіне Гродна, дзе на лоне беларускай прыроды ў камфортнай абстаноўцы і прайшло ранняе дзяцінства Максіма.
Але ж ідылію парушыла хвароба маці будучага паэта. У чэрвені 1896 года ў яе выявілі сухоты. Праз чатыры месяцы Марыі Апанасаўны не стала.
З гродзенскім перыядам жыцця беларускага класіка можна пазнаёміцца ??ў музеі Максіма Багдановіча ў Гродне, што ўжо 25 гадоў існуе у тым доме, дзе жыла іх сям'я. Чатыры мемарыяльныя пакоі: кабінет бацькі, пакой маці, дзіцячая, гасцёўня, а таксама аддзел «Гарадзенская літаратурная: мінулае і сучаснасць» чакае сваіх гасцей.
Дырэктар музея Святлана Рапецкая расказвае, што тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя 120-годдзю з дня нараджэння паэта, ладзіліся на працягу ўсяго года. «Мы праводзілі выставу дзіцячых малюнкаў, прысвечаных Багдановічу, конкурс дэкламантаў творчасці класіка, выставу «Вянок паэту», літаратурна-музычную пастаноўку з удзелам гасцей з Мінска, канферэнцыю пры Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы. Мерапрыемстваў было вельмі шмат».
На пачатку гэтага года Саветам Міністраў Беларусі было вырашана ўсталяваць у Гродне помнік Максіму Багдановічу. З'яўленне пастаменту запланавана на наступны год недалёка ад хаты паэта ў гарадскім парку імя Жылібера. Пакуль жа гарадскія ўлады абвясцілі конкурс на стварэнне бюста паэта. Вынікі будуць абвешчаны ў канцы снежня. З гэтай жа мэтай адкрыты спецыяльны дабрачынны рахунак, куды можна пералічыць грашовыя сродкі на будаўніцтва помніка.
Філіял 426 ААТ «АСБ Беларусбанк»
г. Гродна, вул. Ажэшкі, 4
р/р 3642502001062, код банка 152101199
УНП 590995342
Ніжні Ноўгарад
У гэтым горадзе прайшло дзесяць гадоў жыцця паэта. Пасля смерці жонкі, атрымаўшы пасаду ў Ніжагародскім сялянскім банку, бацька Адам Багдановіч з дзецьмі пераехаў туды ў лістападзе 1986 года. Тут Максім паступіў у губернскую гімназію. У 1906 годзе хросная маці Багдановіча выпісала для яго газеты «Наша доля» і «Наша ніва». У апошняй і быў надрукаваны яго першы літаратурны твор «Музыка».
У 1914 годзе пісьменнік у апошні раз наведаў горад свайго дзяцінства. У тым жа годзе ён напісаў апавяданне «Шаман», герой якога захапляецца Волгай і Ніжнім Ноўгарадам.
А 6 студзеня 1984 г. на будынку Ніжагародскай гімназіі (цяпер педагагічны ўніверсітэт) была ўстаноўлена мемарыяльная дошка М. Багдановічу. Імя паэта носіць таксама адна з вуліц горада.
Яраслаўль
У 1908 годзе бацьку Багдановіча пераводзяць на службу ў Яраслаўль. Тут прайшло восем гадоў жыцця паэта. Максім скончыў Яраслаўскую мужчынскую гімназію, дзе на яго светапогляд вельмі паўплывалі настаўнікі. Адзін з іх, беларус па нацыянальнасці, падтрымліваў цікавасць хлопчыка да нацыянальнай гісторыі і культуры. У гэты ж час у «Нашай ніве» былі апублікаваны і першыя вершы паэта «Прыйдзе вясна» і «Над магілай».
Затым Багдановіч наведвае Беларусь, дзе жыве напачатку ў Вільні, а потым у пасёлку Ракуцёўшчына. Пад уражаннем ад паездкі на радзіму ён піша славуты верш «Слуцкія ткачыхі».
У 1911 годзе па волі бацькі Максім Багдановіч паступае вучыцца ў Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. У студэнцкія годы займаецца вывучэннем славянскіх і еўрапейскіх моў і літаратур, але асабліва вялікую ўвагу надае роднай беларускай мове. Супрацоўнічае адначасова са шматлікімі газетамі і часопісамі, набываючы усе большую папулярнасць. Падчас жыцця ў Яраслаўлі выходзіць і першы прыжыццёвы зборнік яго паэзіі «Вянок» (1913), напісаны вершы «У вёсцы», «Вераніка» і многія іншыя.
Скончыўшы ліцэй у 1916 годзе, Максім Багдановіч нарэшце вяртаецца ў Мінск, аднак памяць аб ім назаўсёды застанецца і ў кутках Яраслаўля.
У траўні 1958 года на будынку гімназіі, дзе вучыўся паэт (цяпер Яраслаўскі тэхналагічны інстытут), была ўстаноўлена мемарыяльная дошка Максіму Багдановічу. А ў 1991 годзе ў ходзе рэалізацыі расійска-беларускага праекта ў горадзе з’явіўся і мемарыяльны дом-музей паэта.
Як паведаміла навуковы супрацоўнік музея Кацярына Міцкевіч, да 120-годдзя з дня нараджэння паэта ў Яраслаўлі праводзілася мноства розных мерапрыемстваў. «У лістападзе ў нас ладзіўся літаратурны вечар у гонар памяці паэта, а таксама конкурс чытальнікаў «Вянок паэзіі». Адна з удзельніц конкурсу, школьніца Анічка Назарэцян, перавяла верш Багдановіча «Зялёная каханне» на сваю родную армянскую мову. А ў кастрычніку капэла Яраслаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Г. Дзямідава правяла цыкл канцэртаў рамансаў, дзе гучалі вершы Багдановіча, упершыню пакладзеныя на музыку ўдзельнікамі канцэрту».
Ялта
Першы раз Максім Багдановіч прыехаў у Ялту ў 1909 годзе лячыцца ад сухотаў. Здавалася, лячэнне пайшло на карысць. Але праз 11 гадоў паэт вярнуўся сюды яшчэ раз і, па волі лёсу, застаўся ужо назаўсёды. 25 мая 1917 года ў Ялце, хворы на сухоты, Максім Багдановіч памёр.
У месцы, дзе ён жыў, зараз знаходзіцца клуб санаторыя «Ялта». На адной са сцен устаноўлена памятная дошка беларускаму паэту.
Цікавасць да творчай асобы Максіма Багдановіча праяўляюць і ў Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеі. Як паведаміла дырэктар мінскага Літаратурнага музея М. Багдановіча Таццяна Шаляговіч, на працягу гэтага года была аказана метадычная дапамога гісторыка-літаратурнаму музею ў Ялце. «Супрацоўнікам былі перададзеныя розныя электронныя дакументы: фотаздымкі Максіма Багдановіча, вокладкі розных выданняў паэта – матэрыял, якога не было ў калег, і які яны змогуць выкарыстаць для стварэння новай экспазіцыі. Акрамя таго, для правядзення літаратурнага вечара і прагляду залы Максіма Багдановіча, 1 снежня ў Ялту адправілася спецыяльная беларуская дэлегацыя. Супрацоўнікі гісторыка-літаратурнага музея ў сваю чаргу адправілі нам дакументы, якіх няма ў беларускай калекцыі. У асноўным гэта фотаздымкі хат, дзе жыў Багдановіч, яго бацькоў і сяброў».
Музеі паэта:
1. Літаратурны музей Максіма Багдановіча
Сайт: http://bagdanovich.museum.by/
Адрас: г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 7а.
Тэлефон: 8 (017) 234-07-61
Працоўны час: з 10.00 да 17.00. Выхадны – панядзелак.
2. Філіял музея «Беларуская хатка»
Адрас: г. Мінск, вул. Рабкораўская, 19.
Тэлефон: 8 (017) 334-07-61
Працоўны час: з 10.00 да 17.00. Выхадны – панядзелак.
3. Філіял музея «Фальварак Ракуцёўшчына»
Адрас: Мінская вобл., Маладзечанскі р-н, в. Ракуцёўшчына.
Тэлефон: 8 (1773) 9-61-41
Працоўны час: з 10.00 да 17.00. Выхадны – панядзелак.
4. Музей Максіма Багдановіча ў Гродне
Сайт: http://bogdanovich.grodno.by/index.html
Адрас: г. Гродна, вул. 1-га Мая, 10
Тэлефон: 8 (0152) 72-22-54
Працоўны час: з 9.30 да 17.30. Выхадны - нядзеля, панядзелак.
5. Мемарыяльны дом-музей Максіма Багдановіча, Цэнтр беларускай культуры
Сайт: http://www.museum.ru/m3123
Адрас: г. Яраслаўль, вул.Чайкоўскага, 21
Тэлефон: 7 (4852) 32-93-54
Працоўны час: з 09.00 да 18.00. Выхадны – нядзеля.
6. Зала Максіма Багдановіча ў Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеі
Адрас: г. Ялта, вул. Пушкінская, 5
Тэлефон: (0654) 32-30-65
Працоўны час: з 10.00 да 18.00. Выхадныя – панядзелак, аўторак.