Гродзенцы ведаюць Юрыя Жыгамонта па нязменным сакваяжы і чорным капелюшы. Акцёр і тэлевядучы раз’язджае па беларускіх мястэчках і распавядае пра іх гісторыю. У Гродне ён падтрымаў акцыю velcom «Чытаем разам па-беларуску». Разам з гімназістамі яны чыталі вершы Максіма Багдановіча.
– Юрый Уладзіміравіч, што ў вашым сакваяжы?
– А нічога ў ім няма насамрэч. Там я трымаю дух падарожжаў.
– Напэўна, для «Падарожжаў дылетанта» вы аб’ездзілі ўжо ўсю краіну. Куды б хацелі вярнуцца?
– Я ніколі не лічыў, колькі вёсак мы аб’ездзілі і колькі выпускаў выйшла. Гэта ж, разумееце, частка жыцця. Вы ж не лічыце, колькі дзён пражылі. Я гляну ў пашпарт – узгадаю, колькі год прайшло, і далей жыву. Калі жывеш некім праектам, то не думаеш, колькі часу ён забраў. Яшчэ шмат засталося мясцін, дзе мы не былі, а іншыя беларусы пакінулі там след. Напрыклад, Прага, дзе Скарына надрукаваў Біблію, ці Польшча, дзе тварыў Адам Міцкевіч. Можна і ў Чылі накіравацца – туды іміграваў наш даследчык Ігнат Дамейка. У гэтай краіне нават помнік яму стаіць. Але гэта толькі планы. Як гавораць: чалавек адно хоча, а Бог іншае дае. Новыя выпускі з-за фінансавых цяжкасцей будуць выходзіць толькі ў інтэрнэце. Пакуль і ў сеціве па тэхнічных прычынах зрабілі перапынак. Пасля Новага года праграму ўзнавім.

– Вы памятаеце сваё першае падарожжа?
– Так, мы завіталі ў мястэчка Баруны ў гродзенскім краі. Там цудоўны касцёл з цудатворным абразом. У падвале храма ёсць крыніца. За святой вадой едуць жыхары суседніх вёсак і нават дзяржаў. Раней у Барунах стаяла шляхецкая школа.

Даведка «ВГ»
Юрый Жыгамонт нарадзіўся ў 1968 годзе у вёсцы Дзямідава Гомельскай вобласці. Скончыў будаўнічае вучылішча ў Мінску. Працаваў машыністам на вежавым кране. Паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут. Зараз працуе на тэлебачанні і ў тэатры юнага гледача. Ёсць жонка і дачка. Самыя любімыя кнігі – Біблія і «Новая зямля» Якуба Коласа.