З грэчаскай мовы слова “паэзія” (πο?ησις) перакладаецца як творчасць. Напярэдадні Сусветнага дня паэзіі, які можна лічыць святам усіх тых, хто займаецца творчасцю, Літаратурны музей Максіма Багдановіча запрашае ахвотных на адмысловую імпрэзу, у якой будуць прымаць удзел беларускія паэты, пісьменнікі, музыкі, якія па сваёй асноўнай прафесіі не звязаныя з мастацтвам слова. Вядома, што Максім Багдановіч, нягледзячы на жаданне вучыцца ў Санкт-Пецярбургу на філолага і нават маючы рэкамендацыю ад супрацоўнікаў “Нашай Нівы”, вымушаны быў згодна з рашэннем бацькі атрымліваць прафесію юрыста ў Яраслаўскім Дзямідаўскім юрыдычным ліцэі. Тым не менш, гэта не перашкодзіла будучаму класіку беларускай літаратуры сур’ёзна займацца творчасцю і дасягнуць у ёй сапраўдных вяршынь. Сваімі сакрэтамі, як спалучаць творчасць і прозу жыцця ў наш час падзеляцца Андрэй Адамовіч, Георгій Барташ, Павел Касцюкевіч, Уладзімір Пыльчанка, Цімох Авілін, Павел Селівончык, Сяргей Башлыкевіч.