Праект «Tour de Беларусь» стартаваў у 2014 годзе выставай «Tour de Беларусь. Пралог». Выстава стала своеасаблівай кропкай адліку вялікага падарожжа, падзеленага на пэўную колькасць этапаў, якія павінны быць пераадолены, пераасэнсаваны і ў канчатковым выніку з дапамогай творчага пошуку і эксперыменту выліцца ў стварэнне мастацкіх твораў, якія ўвабралі б у сябе ўвесь эмацыянальны і інтэлектуальны досвед, набыты падчас ваяжу.
У 2015 годзе творчай задачай удзельнікаў праекта стала падарожжа ў Полацк, адзін з найстаражытнейшых гарадоў не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім усходнеславянскім рэгіёне. Першыя згадкі пра Полацк у «Аповесці мінулых гадоў» датуюцца 862 годам. З гэтым горадам непарыўна звязаны імёны Еўфрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Сімяона Полацкага і многіх іншых славутых дзеячаў, вядомых ва ўсім свеце.
Натхнёныя куратарам праекта «Tour de Беларусь» старшынёй секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў Уладзімірам Савічам, мастацкая супольнасць выправілася ў тур, даўжынёй у пяцьсот кіламетраў. Падарожнiцкi досвед дапамагае пераадольваць не толькі паралелi i мерыдыяны, але дае таксама магчымасць нібы тэлепартавацца ў іншую эпоху і такім чынам атрымаць уладу над часам і прасторай.
Менавіта, эвентуальнасць набыцця экзістэнцыянальнага вопыту судакранання з матэрыялізаваным гістарычным мінулым, зафіксаваным у шэдэўрах полацкага дойлідства, і падштурхнула куратара праекта скіраваць маршрут у горад на рацэ Палаце. 3 Полацкам звязана ўзнікненне на Беларусі манументальнай архітэктуры. Тут у сярэдзіне XI стагоддзя пабудаваны першы беларускі мураваны храм – Сафійскі сабор. Ужо ў XII стагоддзі сфарміравалася самастойная Полацкая школа дойлідства, якая склалася на аснове творчай перапрацоўкі антычнай архітэктуры Візантыі, атрымала выразныя нацыянальныя рысы і мела адметны почырк.
«Экскурс у гісторыю – гэта не модны дадатак, гэта паўнакроўная, напоўненая сэнсам частка творчасці, якая не проста візуалізуе перажыванне, а з’яўляецца пасланнем, якое нясе ў сабе філасофскую глыбіню. Праца над такім творам – шматэтапная дзея, якая звычайна застаецца «за кадрам, – адзначае Уладзімір Савіч. – Праект ставiць за мэту пашырыць межы ўспрымання вiзуальных мастацтваў ад непасрэдна самога твора да Прыгоды, што адбылася падчас яго стварэння, а таксама прыцягнуць увагу да асобы мастака і яго светаўспрымання, якое з'яўляецца сiнтэзам перажыванняў i падзей з уласнага жыцця з падзеямi гicтарычнымi i мiфалагiчнымi».
Палац мастацтва, вул. Казлова, 3