У мінулую суботу ў канцэртнай зале Смаргонскага Дома культуры сабраліся не толькі прыхільнікі бардаўскай песні, а таксама шмат сяброў-турыстаў, удзельнікаў водных экспедыцый па Віліі «Шляхам графа Канстанціна Тышкевіча», падчас якіх аўтар чэрпаў натхненне і для новых песень. А песня «Там, пад белай гарой» стала гімнам экспедыцыіі «Вiлiя–Neris 1857–2007».
.jpg)
Здольнасці да аўтарскіх тэкстаў у Алега праявіліся яшчэ напрыканцы 1980-х гадоў, калі праходзіў вайсковую службу на Паўночным флоце. Саслужыўцы тады папрасілі яго напісаць песню пра падводнікаў, ён паспрабаваў — і атрымалася. Тады будучы бард зразумеў, што варта працягваць далей пісаць і развівацца ў гэтым накірунку. І талент праяўляў сябе.Так, у 1994 годзе Алег Мізула стаў дыпламантам першага нацыянальнага фэстывалю аўтарскай песні ў Мінску. Таксама адзін з пераможцаў конкурсу «Гітара «Свабоды». Пасля пэўны час Мізула не выступаў на сцэне, але ладзіліся шматлікія выступленні ў ваколіцах.
Выканаўца стварае свае песні пераважна на беларускай мове. У рэпертуары іх больш за паўтары сотні, можна пачуць пра родныя мясціны, сумныя песні пра вайну і вясёлыя – пра жыццё, вандроўкі і абавязкова пра каханне.
Так, спяваючы, і ажыццявілася ідэя займацца справай жыцця. З 2010 года прымае гасцей на ўласнай аграсядзібе «Вялес». А пачынаў сваю агратурыстычную дзейнасць з экскурсій па мястэчку Жодзішкі ў першую чаргу для дзяцей з забруджанных зон, якія адпачываюць у аздараўленчым лагеры.
«Я ім даваў невялічкія канцэрты сваіх песень, дзеці заўсёды спявалі разам. А калі з’явілася сядзіба, пасля ўжо турысты, якія прыязджалі сюды, зацікавіліся маёй музыкай. Хто бывае па некалькі разоў — просяць абавязкова, каб сыграў і праспяваў», — падзяліўся бард.
У далейшых планах барда таксама плануюцца выступленні, перш-наперш гэта суседнія раён (Астравецкі, Вілейскі, Маладзечанскі). «Канешне, кожны творчы чалавек хацеў бы мець магчымасць выступаць, і я думаю, што такая магчымасць будзе, пастараюся даць яшчэ сольныя канцэрты, але пакуль шмат арганізацыйных пытанняў, вырашэнне якіх патрабуе пэўнага часу».
Спадзяёмся, што ўсё атрымаецца, і пажадаем аўтару натхнення і новых тэкстаў!