З 16 па 18 лістапада ў Кракаве прайшлі Дні беларускай культуры. Ладзіліся яны ўжо шосты раз, праўда, два гады (2009, 2010) не праводзіліся.
Як піша , арганізатарамі выступілі Беларускае таварыства ў Кракаве і Навуковае кола студэнтаў-расіязнаўцаў. Праграма была вельмі багатая і разнастайная. Пачаліся ДБК гістарычным семінарам «Другая сусветная вайна на Беларусі: Вялікая Айчынная ці грамадзянская вайна» з удзелам гісторыкаў з Мінска і Варшавы (С. Новікаў, Я. Грэбень, А. Гардзіенка, Ю. Грыбоўскі). Былі абмеркаваныя пытанні нямецкага бліцкрыга ў чэрвені 1941 г., белыя плямы абароны Брэсцкай крэпасці, пытанні беларускай «калабарацыі», польска-беларускі канфлікт, злачыннасці і пытанні штодзённага жыцця на тэрыторыі Беларусі. Адбылася таксама прэзентацыя кніжнай серыі «Гарадзенская бібліятэка».
Затым адбыліся прэзентацыі кніжак Дароты Міхалюк «Bialoruska Republika Ludowa 1918–1920, U podstaw bialoruskiej panstwowasci», Нэлі Бекус «Struggle over Identity. The Official and the Alternative «Belarusiannes», Яна Шумскага «Саветызацыя Заходняй Беларусі 1944–1953», быў арганізаваны семінар «Беларуска-польскія літарацкія сувязі» з удзелам Язэпа Янушкевіча, Міколы Хаўстовіча, Багуслава Допарта. Скончыліся Дні культуры канцэртам гурту «Альтанка», а ў нядзелю ў клубе «Імбір» (вул. Св. Тамаша, 35) адбыўся канцэрт гурту «Нагуаль».
Правядзенне Дзён культуры выклікала вялікую цікавасць менавіта з боку польскіх студэнтаў, якія часам мала што ведаюць пра сваю ўсходнюю суседку.
Усяго ў Кракаве навучаецца пад 200 тыс. студэнтаў, з іх толькі ў Ягелонскім універсітэце каля 50 тыс. чалавек. Саміх беларусаў у Кракаве каля 400 чалавек. Спонсарамі Дзён беларускай культуры выступілі Малапольскае ваяводства і Дэпартамент публічнай і культурнай дыпламатыі пры МЗС Польшчы.