Як паведамляе Радыё Рацыя:
Каля сарака фальклорных калектываў з цэлага Падляшша заспявала ў Старым Двары, што над Семяноўскім вадасховішчам. Тут прайшоў 36-ы ваяводскі фестываль народных капэл «У пошуках і пераказванні фальклору».
Публіцы прадэманстравалася больш за 400 выканаўцаў з Гайнаўшчыны, Бельшчыны, ваколіц Сакулкі і Сямятыч. Вялікую частку выступоўцаў складалі беларускія групы, сярод іх «Нараўчанкі» з Нараўкі, «Цаглінкі» з Новага Ляўкова і «Журавінкі» з Агароднічак.
Фестываль народных спевакоў ужо чарговы раз наведаў гміну Нараўка. Але, як адзначыў войт гміны Мікола Пальвіч, мерапрыемства адбываецца ўпершыню над самым Семяноўскім возерам.
– Недзе год таму быў тут дырэктар ваяводскага асяродка анімацыі культуры пан Анджэй Дырдаў і пабачыў гэтыя варункі, якія ёсць тут, і сказаў, што робім тут фестываль, ці воьмемся мы. Мы з задавальненнем сказалі «так», бо няхай прыязджаюць людзі, няхай бачаць. Гэта прамоцыя гміны – сёння прыедуць людзі паспяваць, а заўтра, магчыма, прыедуць адпачыць.
Апрача калектываў, на сцэне ў Новым Двары прэзентаваліся таксама музыкі, якія граюць на традыцыйных інструментах, танцавальныя групы і народныя апавядальнікі.
Кожны ўдзельнік атрымаў ад войта падарунак – фігурку зубра, сімвал прыпушчанскай гміны Нараўка. Пераможцы фестывалю паедуць ў Ніжні Казімір на агульнапольскі фестываль капэл і народных спевакоў.
Арганізатарам мерапрыемства з'яўляецца ваяводскі асяродак анімацыі культуры ў Беластоку.
Лукаш Леанюк, фота аўтара