Блэндоўская пустыня (на поўдні Польшчы) будзе ачышчана ад расьлінаў. У гміне Ключэ пачалася акцыя па захаваньні згаданaй выключнай у Эўропе тэрыторыі. Паўднёвая частка пустыні была падзелeная на сэктары, а ўступ людзям забаронены, - кажа Казімеж Сьцяжко, войт гміны Ключэ.
Казімеж Сьцяжко: Пустыня падзелена на сэктары, каб лягчэй можна было праверыць на наяўнасьць небясьпечных выбуховых рэчываў. Нагадаю, што гэта тэрыторыя былога вайсковага палігону. Перад тым, як пачнецца праца па ачышчэньні зь дзікай расьліннасьці, мы хочам праверыць, ці тэрыторыя бясьпечная.
Чарговым этапам «рэстаўрацыі» пустыні стане дакладнае ачышчэньне пяску, што будзе працягвацца да 2014 году. Як кажа мясцовы войт, канчатковы вынік зьдзівіць не аднаго турыста, паведамляе
Казімеж Сьцяжко: Турысты змогуць урэшце пабачыць прыгожы пустынны пясок. Я б хацеў таксама, каб экасыстэма, якая існавала тут у 50-х і 60-х гадох, адрадзілася – і такую мы ставім мэту.
Захаваньне Блэндоўскай пустыні ахоплівае тэрыторыю 400 гектараў. Пляны на будучыню прадугледжваюць таксама стварэньне гэтак званай адукацыйнай сьцежкі.
Блэндоўская пустыня, якую часта называюць „польскай Сахарай”, многія гады выкарыстоўвалася вайскоўцамі ў якасьці палігона. Цягам многіх гадоў яна зарастала расьлінамі. Цікавы факт: у 60-я гады вядомы польскі рэжысэр Ежы Кавалеровіч зьняў тут кінастужку „Фараон”. Дарэчы, на Блэндоўскай пустыні адбываліся манёўры славутага «Афрыка Корпс» нямецкага генэрала Эрвіна Ромэля перад адпраўкай жаўнераў на Сахару.