Улады новазеландскай сталіцы, Велінгтана (Wellington), пайшлі на беспрэцэдэнтны крок: амаль на месяц горад афіцыйна зменіць назву на «Сярэдзіна Міжзем’я», паведамляе .
28 лістапада, напярэдадні сусветнай прэм’еры стужкі «Хобіт», якая распавядзе перадгісторыю знакамітага эпасу «Уладар пярсцёнкаў», адміністрацыя Новай Зеландыі арганізуе грандыёзнае святкаванне: на імпрэзу плануюць выдаткаваць прыблізна $1 млн.
Як і папярэднія фільмы паводле твораў англійскага аўтара Джона Толкіена (John Ronald Reuel Tolkien), «Хобіта» здымалі ў Новай Зеландыі, якая можа пахваліцца ўнікальнымі і разнастайнымі краявідамі. У сувязі з гэтым сталічная мэрыя пастанавіла ажно на тры тыдні афіцыйна называць горад «Сярэдзіна Міжзем’я» (The Middle of Middle-Earth).
Менавіта гэтак горад будуць называць у мясцовых медыа, такая назва будзе падавацца на паштовых марках і дарожных указальніках, пад новым найменнем трэба будзе шукаць горад у аэрапортах і г. д.
Стужка «Хобіт», рэжысёрам якой стаў знакаміты Пітэр Джэксан, раскажа пра незвычайнае жыццё хобіта Більба Бэгінса (Bilbo Baggins), які адпраўляецца ў дзівоснае падарожжа, поўнае цяжкасцяў і цудаў.