https://www.traditionrolex.com/8
<p>Аб гэтым паведаміў міністр культуры Павел Латушка пад час адкрыцця міжнароднай выставы «Отдых-2012». Таксама Павел Латушка патлумачыў, чаму інвестары не спяшаюцца купляць занядбаныя беларускія сядзібы і якія аб’екты будуць аднаўляць у Беларусі ў першую чаргу.</p>

Адар’я ГУШТЫН

Аб гэтым паведаміў міністр культуры Павел Латушка пад час адкрыцця міжнароднай выставы «Отдых-2012». Таксама Павел Латушка патлумачыў, чаму інвестары не спяшаюцца купляць занядбаныя беларускія сядзібы і якія аб’екты будуць аднаўляць у Беларусі ў першую чаргу.

Зазначым, што ўпершыню міністр Латушка публічна выступаў на рускай мове. Дагэтуль ён рабіў афіцыйныя прамовы выключна па-беларуску. Павел Паўлавіч адразу сканцэнтраваў увагу на развіцці турыстычных аб’ектаў, якія сёння цікавыя турыстам. «Сумесна з Міністэрствам спорту і турызму мы праводзім калегіі, дзе абмяркоўваем, як можна палепшыць інфраструктуру вакол гістарычных помнікаў, каб як мага болей турыстаў прыязджала з-за мяжы, а таксама каб беларусы ахвотна вандравалі па сваёй краіне», – адзначыў ён.

Год культурного туризма

Міністэрства культуры звярнулася ў камітэт Саюзнай дзяржавы з просьбай паспрыяць аднаўленню сядзібы Дастаеўскіх у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Чакаецца, што праект будзе фінансавацца з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Спадар Латушка лічыць, што гэты праект будзе мець вялікае значэнне для развіцця супрацоўніцтва дзвюх краін у галіне культуры. «Пасля аднаўлення радавога маёнтка Дастаеўскіх у ім размесціцца музейная экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці знакамітага пісьменніка. Сядзіба роду Дастаеўскіх была часткова разбурана ў 1943 годзе, а ў 1960-х гадах цалкам знішчана».

Міністр дадаў, што 8–10 мая ў Лондане пройдуць гастролі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Напярэдадні мерапрыемства ў сталіцы Вялікабрытаніі правядуць прэзентацыю Нясвіжскага палацава-паркавага комплекса. Дарэчы, менавіта аніматары з Нясвіжа – шляхцічы ў адмысловых касцюмах – віталі ўдзельнікаў і гасцей турыстычнай выставы.

Дзякуючы таму, што сёлета ў турызме будзе зроблены акцэнт на культурныя традыцыі Беларусі, на вясновай выставе прысутнічалі беларускія музеі. Па словах Паўла Латушкі, больш за ўсё турыстаў наведваюць музей у Брэсцкай крэпасці.

У размове з журналістамі міністр культуры не абмінуў праблемнае пытанне – захаванне і аднаўленне гістарычнай спадчыны. Мы ужо пісалi пра тое, што з 46 сядзіб, прапанаваных да продажу інвестарам, за два гады перададзена толькі 6 аб’ектаў. «Працэс сапраўды ідзе марудна, – лічыць спадар Латушка. – Мы прааналізавалі сітуацыю і прыйшлі да высновы, што аблвыканкамы і райвыканкамы праводзяць недастатковую працу па інфармаванні патэнцыйных інвестараў наконт гэтых аб’ектаў. Няма дакладнай інфармацыі пра сядзібы і пра механізм перадачы аб’екта новаму ўласніку. Апроч таго, важна наогул паляпшаць інвестыцыйны клімат у Беларусі, каб як мага болей бізнесменаў было зацікаўлена працаваць тут. Я таксама лічу, што заканадаўства ў адносінах да інвестараў, якія будуць набываць гістарычныя сядзібы, можа быць спрошчана. Гэта пытанне мы таксама вывучаем».

Што датычыцца магчымага продажу кляштара базыльянаў у вёсцы Баруны, міністр адмовіўся каментаваць гэтае пытанне. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што міністэрства прааналізавала крытычныя водгукі ў прэсе адносна рэканструкцыі ў Лідскім замку. «Арганізацыям, якія аднаўляюць замак, дадзена распараджэнне выправіць усе недакладнасці», – заўважыў спадар Латушка. З ягоных слоў вынікае, што да Лідскага замка ў бліжэйшы час будзе вялікая ўвага на ўсіх узроўнях, як калісьці было з палацамі ў Міры і Нясвіжы.

https://www.traditionrolex.com/8