https://www.traditionrolex.com/8
<p>Да прыходу ў гурт сярэднявечнай музыкi "Стары Ольса" Марыя аб'ездзiла паўсвета ў складзе фальклорных ансамбляў "Шчодрыца", "Грамнiцы", "Роднiца". Канцэрты адбывалiся ў Францыi, Германii, Галандыi, Швецыi i Швейцарыi, краiнах Балтыi... З гуртом "Стары Ольса" геаграфiя яе падарожжаў пашырылася за кошт сярэднявечных фестываляў. Аб асаблiвасцях падарожжаў пад час гастроляў мы размаўляем з флейтысткай папулярнага гурта Марыяй ШАРЫЙ.</p>

Да прыходу ў гурт сярэднявечнай музыкi "Стары Ольса" Марыя аб'ездзiла паўсвета ў складзе фальклорных ансамбляў "Шчодрыца", "Грамнiцы", "Роднiца". Канцэрты адбывалiся ў Францыi, Германii, Галандыi, Швецыi i Швейцарыi, краiнах Балтыi... З гуртом "Стары Ольса" геаграфiя яе падарожжаў пашырылася за кошт сярэднявечных фестываляў. Аб асаблiвасцях падарожжаў пад час гастроляў мы размаўляем з флейтысткай папулярнага гурта Марыяй ШАРЫЙ:

20


- Марыя, якое месца ў вашым жыццi займаюць падарожжы?

- У маiм творчым i асабiстым жыццi яны займаюць амаль што першае месца. Гэта заўжды цiкава, захапляльна. Гэта новыя эмоцыi, новыя ўражаннi, новыя веды, гэта пастаянная змена становiшча. Першая мая паездка адбылася ў 16 год. На той час я паступiла ў Маладзечанскае музычнае вучылiшча i грала ў цымбальным аркестры. Першыя гастролi, куды мяне ўзялi ў складзе аркестра, адбывалiся ў Белфардзе на поўднi Францыi, дзе штогод праходзiць музычны фестываль. Там прысутнiчае музыка абсалютна ўсiх стыляў, якая гучыць з дзесяткаў раскiданых па горадзе сцэн. Памятаю, што тады нам выпаў гонар адкрываць фестываль. Паездка запомнiлася проста з-за таго, што яна была першай. Як толькi мы праехалi беларускую мяжу, мяне не пакiдала пачуццё захопленасцi - усё здавалася такiм новым i нязвыклым. Мы праязджалi Польшчу, i здавалася, што прыгажэй краiны няма - паўсюль зiхацiць рэклама, шмат крамаў нават у невялiчкiх мястэчках. Потым мы апынулiся ў Германii, i аказалася, што жыццё ў гэтай краiне на ўзровень вышэй, чым у папярэдняй. Дарэчы, цяпер, зведаўшы шмат еўрапейскiх краiн, магу сказаць, што Германiя мяне не вабiць - яна падаецца механiчнай, як быццам без душы. Так, тут усё ёсць, усё зроблена для чалавека, аднак штосьцi блiзкае мне адсутнiчае. Францыя заўсёды будзе для мяне незвычайнай краiнай, бо менавiта тут я ўпершыню ўбачыла горы.

- Цi паспелi пазнаёмiцца з поўднем краiны?

- У тым юным узросце мяне больш цiкавiлi людзi, чым сама краiна. Таму з дзiцячых успамiнаў больш уразiла тое, што ў горадзе ў днi фестывалю было шмат людзей розных нацыянальнасцяў. Для 16-гадовай дзяўчынкi з Беларусi гэта было досыць нязвыклым. Мне хацелася з усiмi пазнаёмiцца, i знаёмiлася лёгка. Музыкаў можна было сустрэць проста на вулiцы. Яны гралi, спявалi, размаўлялi з турыстамi - такое я бачыла ўпершыню.

- Людзi - неад'емная частка вашых падарожжаў?

- Так, безумоўна. Цяпер я падарожнiчаю ў асноўным у складзе гурта "Стары Ольса", дагэтуль былi падарожжы з рознымi калектывамi, у якiх я працавала. Самыя першыя мае паездкi былi ад музычнай вучэльнi - спачатку ў складзе цымбальнага аркестра, пасля духавога i, нарэшце, сiмфанiчнага. Калi я жыла ў Лагойску, то грала ў народным ансамблi "Шчодрыца", дзе пераважна спявала народныя песнi. Потым я паступiла ва Унiверсiтэт культуры i пачала гастраляваць з гуртом "Грамнiцы". Усе аранжыроўкi пiсаў наш кiраўнiк, якi пастаянна эксперыментаваў - мы гралi фольк, змяшаны з джазам, рокам, поп-музыкай; аўтэнтыку, акапэльныя песнi. Таксама я працавала ў народным хоры выкладчыкаў i супрацоўнiкаў БДУ "Роднiца". Гастроляў было надта шмат! З прыходам у гурт "Стары Ольса" вобраз майго асабiстага i музычнага жыцця змянiўся, а падарожжы сталi больш насычанымi i цiкавымi.

- Чым жа гастролi ў кампанii "Старога Ольсы" настолькi адметныя?


- Адказ заключаны ў спецыфiцы гурта. Большасць запрашэнняў, якiя мы атрымлiваем, прыходзяць ад арганiзатараў фестываляў сярэднявечнай культуры. А гэта фестывалi ў мiнулае. Маёй марай з дзяцiнства было павандраваць у машыне часу i абавязкова трапiць не у будучыню, а ў мiнулае. Як кожная жанчына, я хацела адчуць сябе шляхетнай дамай, пажыць у замку, насiць прыгожыя сукенкi.

- Са "Старым Ольсай" гэта атрымалася?

- Так, i атрымлiваецца далей. Мы ездзiм на буйныя фестывалi пераважна ў Польшчу - менавiта ў гэтай краiне асаблiва развiты медыевальны рух. Гэта рыцарскiя фестывалi, прысвечаныя розным стагоддзям - ад ранняга Сярэднявечча да больш познiх перыядаў. Гэта i такiя вядомыя фестывалi, як Волiн, Грунвальд, Бiскупiн. Мястэчка можа быць зусiм маленькае, а фестываль - буйны. Як, напрыклад, у iлжы. Узровень iх арганiзацыi вельмi высокi. За некалькi дзён фестываля ты цалкам акунаешся ў гiсторыю: усе людзi вакол цябе апрануты ў старажытныя строi, увесь побыт рэканструяваны, i ты апынаешся ў сапраўдным Сярэднявеччы!

Фестывалямi сярэднявечнай культуры таксама ахоплены Чэхiя, Германiя, Францыя, Аўстрыя. На iх збiраюцца тысячы турыстаў. Фестываль прыносiць i краiне, i мястэчку добрыя грошы, больш за тое, прываблiвае да сябе шмат увагi. Напрыклад, на фестываль ў Волiне (Польшча) за дзень можа прыехаць больш за тры тысячы турыстаў. Каля цябе, тваiх iнструментаў увесь час натоўп цiкаўных людзей, якiм хочацца ўсё пачуць, пабачыць, памацаць i абавязкова сфатаграфаваць.

- Падарожжы ў Сярэднявечча не перашкаджаюць знаёмiцца з сучаснай краiнай?

- Зусiм не. Аднак бываюць такiя паездкi, калi ты, сапраўды, бачыш адзiн толькi фестываль, адзiн толькi канцэрт. Асаблiвасць гастрольнага жыцця ў тым, што ты нiдзе надоўга не затрымлiваешся, i, адмыслова, не паспяваеш паглядзець тое, што запланаваў. Усё адбываецца мiмаходам, праездам. Аднак пэўныя ўражаннi застаюцца. Перш за ўсё знаёмiшся з публiкай розных краiн, якая ўспрымае цябе па-рознаму. Напрыклад, на Украiне слухачы вельмi актыўныя. Дарэчы, там шмат нашых фанатаў - як толькi чуюць назву гурта, пачынаюць танчыць, спяваць, выклiкаць на бiс. Ты адчуваеш сапраўдную еднасць з публiкай i атрымлiваеш моцны зарад энергii. Маскоўская публiка, наадварот, мне не вельмi падабаецца. Магчыма, гэта можна спiсаць на збег абставiнаў. Замест канцэртнай залы мы выступалi ў клубе, дзе сабралася моладзь, якая нават не сачыла за тым, як на сцэне змянялiся гурты i накiрункi ў музыцы. iх задавальняла ўсё - i музыка нiзкага ўзроўню, i больш якасная. Рэакцыя была аднолькавая. Нямецкая i шверцайская публiка больш стрыманая. Увесь канцэрт яны будуць моўчкi i ўважлiва слухаць, пасля чаго зала ўзарвецца авацыямi.

- Ездзячы на гастролi, вы ўскладаеце на сябе вялiкую адказнасць, бо з'яўляецеся прадстаўнiкамi краiны. Якi вобраз Беларусi публiка бачыць са сцэны, калi выступае "Стары Ольса"?

- У першую чаргу ўспрыманне Беларусi iдзе праз музыку. i для многiх людзей Беларусь становiцца знаёмай i таму цiкавай краiнай, бо, слухаючы музыку, яны разумеюць, што на гэтых землях захавалася багатая культурная спадчына, якую трэба вывучаць. Мы граем музыку позняга Сярэднявечча, Рэнесанса i ранняга барока. Са сцэны гучаць танцавальныя i песенныя жанры: гэта гiстарычныя балады, рыцарскi эпас, камерная музыка, сярэднявечныя танцы, тое, што гралася пры дварах, на плошчах, вулiцах. Гэта i музычная спадчына ВКЛ i Еўропы. У многiх уяўленне пра Беларусь i традыцыйную музыку склалася праз калектывы "песнi i пляскi" пры дамах культуры. Але яны займаюцца музыкай XIX стагоддзя, i гэта - сялянская культура. i складваецца ўражанне, што больш нiчога не iснавала. Мы паказваем iншы бок Беларусi: гарадскую i шляхецкую музыку. Дарэчы, многiм слухачам было б цiкава наведаць Беларусь.

- Такiм чынам, вы спрыяеце ўяздному турызму ў Беларусь?

- Магчыма (смяецца). Аднак мы i самi становiмся больш папулярнымi i запатрабаванымi. Геаграфiя фестываляў штогод пашыраецца, таму што арганiзатары хочуць бачыць нас i ў новым сезоне. Зiмой пачынаюць прыходзiць запрашэннi на летнiя i восеньскiя фестывалi. Пачынаючы з вясны, амаль кожныя выхадныя мы кудысьцi едзем. i самi радуемся гэтаму. Таму што мы ўсе не ўспрымаем гастролi як працу. Пад час пераездаў у цябе шмат часу, ты едзеш у аўтобусе i можаш спаць, чытаць, разважаць, глядзець навокал.

- Такое жыццё на колах не кожны вытрымае...

- Калi часта ездзiш, сапраўды, даводзiцца цяжка. Асаблiва калi выязджаеш на далёкую адлегласць. У гурце я адзiная дзяўчына, i для мяне ствараюць усе ўмовы, каб я менш стамлялася.

- Вiдаць, ёсць свае плюсы падарожжаў у мужчынскай кампанii...

- Так, мужчыны адчуваюць, што яны больш моцныя i што дзяўчыне цяжэй вытрымаць дарогу, а потым выйсцi на сцэну, быць прыгожай, поўнай сiл i з энергiяй адыграць канцэрт. У гурце я адзiная дзяўчына, таму яны ствараюць для мяне ўсе ўмовы, падтрымлiваюць рознымi спосабамi каб я меньш стамлялася.

- Вы цiкавiцеся музыкай тых краiн, куды едзеце?

- Так, гэта ж мая прафесiя! На фестывалi прыязджаюць музыкi i гурты з усяго свету. Гэта жывая гiсторыя, калi можна ўбачыць старажытныя i сучасныя iнструменты i нават навучыцца на iх граць. Мне вельмi запомнiўся музей музычных iнструментаў у Празе. Я сама граю на флейтах, дудцы, дудзе, жалейках, акарыне, таму мяне перш за ўсё цiкавяць духавыя iнструменты. Я бачыла iнструменты, пра якiя выкладчыкi распавядалi на лекцыях ва ўнiверсiтэце, але паказаць не маглi, таму што у нашых музеях не захоўваюцца такiя рэдкiя экспанаты XVII-XIX cтст.: флейты, габоi, кларнеты, еўрапейскiя дуды, раушпфайфы, мундштучныя крумгорны, трубы, трамбоны i iнш. Па iх можна прасачыць эвалюцыю класiчных духавых iнструментаў.

- Калi б вам давялося складаць музычны маршрут, якiя гарады, краiны вы б у яго ўключылi?

- Аматарам аўтэнтычнай, гiстарычнай музыкi я б параiла выправiцца ў летнюю Польшчу, дзе, як я казала раней, адбываецца шмат фестываляў сярэднявечнай культуры. i на кожным з iх гучыць якасная музыка. Далей можна было б скiравацца ў Германiю, наведаць Бонн i Эйзенах, звязаныя з iмёнамi такiх сусветна вядомых музыкаў, як Бетховен i Бах. У аўстрыйскiм Зальцбургу можна шмат даведацца пра Моцарта, а ў Вене пазнаёмiцца з музыкай Штрауса цi наведаць канцэрт Венскага фiларманiчнага аркестра. У iталii варта набыць квiткi ў Ла Скала, а ў iспанii атрымаць задавальненне ад экспрэсiўнага фламенка. У свой музычны маршрут я б уключыла i Лiверпуль з музеем "Бiтлз", i iрландыю, дзе ў кожным пабе можна паслухаць якасны iрландскi фольк. Як чалавек энергiчны, я б абавязкова наведала Грузiю, каб паглядзець на грузiнскiя танцы.

- Вы былi з гастролямi ў розных краiнах свету. Скажыце, цi ёсць месцы, куды асаблiва хочацца вярнуцца?

- Мяне моцна цягне ў Швецыю. У Стакгольме я пражыла дзесяць дзён, аднак гэтага было дастаткова, каб захапiцца i краiнай, i горадам. Хацелася б вярнуцца i ў Швейцарыю. Гэтая краiна прываблiвае чысцiнёй паветра i неверагодна прыгожымi гарамi. Я жыла ў Цурыху i Берне ў гасцiннай швейцарскай сям'i. Для сваiх гаспадароў я была аб'ектам цiкавасцi, яны iмкнулiся праз музыку, якую я выконвала, пазнаёмiцца з краiнай. Швейцарыя асаблiва прыгожая ў Каляды. Кожны жыхар у сваiм двары ўтварае маленькую каляровую казку, якая зiхацiць святочнымi агеньчыкамi. Да падрыхтоўкi да свята ўсе ставяцца вельмi адказна - у гiпермаркеце нават можна пабачыць елку, упрыгожаную стразамi Swarovski. Зiма ў Швейцарыi вельмi мяккая - паўсюль бачна зялёная трава. Мы прывыклi да шэрай беларускай зiмы, якую мастакi любяць называць графiкай, калi пераважаюць кантрастныя колеры цёмнага i светлага. У Швейцарыi, наадварот, усё каляровае.

Кожны раз, так цi iначай, хочацца дадому. Як толькi перасякаеш беларускую мяжу, разумееш, што ты на радзiме: усё блiзкае, знаёмае. Але калi сезон гастроляў заканчваецца i пачынаюцца зiма, праца, рэпетыцыi, хочацца атрымаць глыток новых эмоцый i зноў выправiцца ў падарожжа. Атрымлiваецца замкнутае кола...

Гутарыла Яна ШЫДЛОЎСКАЯ, фота Алега БЕЛАВУСАВА

https://www.traditionrolex.com/8