Як паведамляе belsat.eu:
Заканчваецца рэстаўрацыя Нацыянальнага гістарычна-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж».
Працы на ўнікальным для Беларусі аб’екце пачаліся ў 2004 годзе. Праз чатыры гады для наведвальнікаў адкрылі экспазіцыйныя залы ў памяшканнях уязной брамы і ў прыбрамных корпусах, а таксама ў паўночна-ўсходняй галерэі. 15 чэрвеня адкрыюць увесь палацавы ансамбль.
Пэўныя падрабязнасці паведаміў у інтэрв’ю дырэктар установы Сяргей Клімаў: «15 чэрвеня адбудзецца адкрыццё замка з удзелам прэзідэнта краіны. Мы вельмі рыхтуемся да гэтага, ужо амаль змантаваная экспазіцыя ў 30 залах комплексу. А агульная плошча замка, нагадаю, – прыкладна 8 тысячаў квадратных метраў. Увесь апошні год працуем без выхадных; летам рэжым працы мяняем: працоўны дзень заканчваецца крыху пазней. Прыязджае вельмі шмат наведвальнікаў, летась іх было 210 тысяч; цяпер чакаецца больш за 350 тысяч. З замежных турыстаў – большасць з Расіі».
Зусім інакш цяпер выглядае вежа, якую спачатку пабудавалі ў форме цыбуліны. Яе дакладнае аблічча аднаўлялі, кіруючыся гравюраю вядомага тапографа і мастака пачатку XVII стагоддзя Тамаша Макоўскага.
«Вярнулі аблічча вежы, – працягвае Сяргей Клімаў, – прычым збіралі сродкі на яе рэканструкцыю ўсёй краінай, даволі значную суму ахвяравалі двое грамадзян Расіі. Яшчэ, праўда, засталіся запазычанасці перад падрадчыкам, але замак набыў абрысы, захаваныя на малюнках і здымках. Маем намер даць працяг дабрачыннай акцыі ды з часам сабраць грошы на аднаўленне гадзінніка на замкавай вежы, якая так і называлася – Гадзіннікавая».