З мая пасажыры цягніка Вільнюс—Мінск працэдуры мытнай і пагранічнай праверкі будуць праходзіць да пасадкі ў цягнік, у падземным пероне Вільнюскага чыгуначнага вакзала. Тут жа працэдуры праверкі пройдуць і пасажыры, якія прыехалі з Мінска. Раней для гэтых мэт цягнік спыняўся на прыгранічнай станцыі Кена.
Цяпер у адным з пешаходных тунэляў Вільнюскага вакзала ладзіцца абсталяванне, неабходнае для сучасных пунктаў пагранічнага і мытнага кантролю, у тым ліку сучасная сістэма кантролю багажу, паведамляе «
«Гэтая апаратура зможа за адну гадзіну праверыць 700 адзінак багажу. Дзякуючы ёй, праверка пасажыраў не затрымае. Акрамя таго, для павелічэння бяспекі будуць усталяваны і сістэмы відэаназірання, якія фіксуюць рух пасажыраў, якія ад'язджаюць», — кажа Гедрус Зайцевас, адзін з дырэктараў фірмы «Фіма», якая ставіць тут апаратуру.
Прадстаўнікі мытні абяцаюць, што змяненне працэдуры праверкі не выкліча нязручнасцяў для пасажыраў.
«Новы рэжым кантролю будзе больш зручным. Да гэтага часу праверка пасажыраў і іх багажу праводзіцца ў цягніку, які стаіць на станцыі Кена, у выніку чаго працэдура перасячэння дзяржаўнай мяжы і афармленне мытных дакументаў зацягвалася. Цяпер прастояў цягнікоў не будзе. Новы парадак дазволіць таксама больш эфектыўна змагацца з увозам забароненых тавараў, або тых, якія маюць абмежаванне ў аб'ёмах. Праверка пасажыраў і іх багажу да гэтага часу праводзіцца выбарачна, праз фізічны агляд багажу, які выклікае падазрэнне. Пасля ўвядзення новага парадку ў Вільнюсе будзе правераны багаж усіх пасажыраў, таму ні ў кога не будзе магчымасці пазбегнуць мытнай праверкі», — сказаў карэспандэнту газеты «Звязда» прадстаўнік Мытнага дэпартамента Стасіс Вайцекаўскас.
Паводле звестак акцыянернага таварыства «Літоўская чыгунка», змяненне месца пагранічных праверак зробіць падарожжа паміж сталіцамі Літвы і Беларусі больш камфортным, час у дарозе скароціцца на паўгадзіны — гэта значыць, да дзвюх з паловай гадзін.
«Колькасць пасажыраў, якія едуць цягніком па маршруце Вільнюс—Мінск—Вільнюс, увесь час павялічваецца. У 2012 годзе паміж абедзвюма сталіцамі праехалі 269 тыс. чалавек. Гэта на 65,6% больш, чым у 2011 годзе. Сёлета толькі за першы квартал па гэтым маршруце праехала 76 тыс. пасажыраў, што на 30% больш, чым за першыя тры месяцы мінулага года, — сказаў карэспандэнту газеты «Звязда» генеральны дырэктар АТ «Літоўская чыгунка» Стасіс Дайлідка. — Мы імкнёмся не толькі якасна абслугоўваць пасажыраў (а іх паток увесь час павялічваецца), але і скараціць час паездкі. Сёлета мы плануем на гэтым маршруце пусціць новыя сучасныя дызельныя цягнікі, здольныя развіваць хуткасць да 140 км у гадзіну. Акрамя таго, мы пачалі электрыфікаваць участак чыгункі Новая Вільня — Кена. Беларускія чыгуначнікі будуць электрыфікаваць дарогу ад Маладзечна да дзяржаўнай мяжы. У выніку ад Мінска да Клайпеды дарога будзе электрыфікаваная. Дызельныя цягнікі заменім электрычкамі, якія могуць ехаць з хуткасцю да 160 км у гадзіну. У 2015 годзе з Вільнюса ў Мінск можна будзе даехаць за дзве гадзіны. Мы вельмі цэнім плённае супрацоўніцтва з Беларускай чыгункай».
Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС