Як паведамляе belsat.eu:
«Аэрафлот» ды іншыя расійскія кампаніі могуць выцесніць «Белавія» з беларускага неба. Беларускі перавозчык можа не вытрымаць не толькі «нарматыўнага» ціску з боку расійскіх авіяцыйных улад, але і канкурэнцыі з буйнымі і заможнымі расійскімі авіякампаніямі. Ці задавальняюць беларусаў паслугі, якія прапаноўвае айчынны перавозчык, ці яны аддаюць перавагу замежным кампаніям?
З гэтым пытаннем журналісты звярнуліся да жыхароў Мінска.
«Кошты маглі б быць і меншыя – з Еўропы лятаць больш танна, – гаворыць адзін з пасажыраў, што накіроўваецца з Мінска ў Маскву. – З коштамі «Белавія» трэба папрацаваць. Сэрвіс цалкам прыстойны, але кошт высокі. І мала акцый, амаль няма зніжак. Трэба праводзіць прома-акцыі ды часцей рабіць зніжкі, тады народ будзе хутчэй раскупляць білеты». «Даводзіцца лятаць, больш за тое – я працую ў «Белавія» ды менавіта з «Белавія» і лятаю. Я задаволеная сваёй авіякампаніяй», – гаворыць удзельніца апытання.
«Я ведаю розныя еўрапейскія «лоў-косты», што лятаюць з Вільні. Ведаю, што ёсць расійскія авіякампаніі. Але «Белавія» – гэта айчынная кампанія, і думаю, што трэба падтрымліваць уласныя прадпрыемствы», – мяркуе адзін з мінчан.
Канфлікт паміж расійскімі і беларускімі авіяцыйнымі ўладамі скончыўся на карысць нашых усходніх суседзяў. Расійскія авіякампаніі павышаюць колькасць рэйсаў на лініі Мінск–Масква, магчыма, тое самае зробіць і «Белавія», што прынясе беларускай кампаніі сур'ёзныя страты.